ТА́ЙНАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,

цэнтральная следчая і суд. па паліт. справах дзярж. ўстанова ў Расіі 18 ст. Засн. Пятром I у лют. 1718 у Маскве як часовая надзвычайная камісія па справе царэвіча Аляксея Пятровіча. З сак. 1718 у Пецярбургу (да 1723 філіял у Маскве), дзе набыла пастаянны характар. Разглядала найважнейшыя паліт. справы: замахі на цара і вышэйшых саноўнікаў, спробы паліт. пераваротаў, дзярж. здрада, шпіянаж. буйныя казнакрадствы і хабарніцтвы, антыўрадавыя паўстанні, раскольніцтва і інш. Падпарадкоўвалася асабіста цару і часткова Сенату. Складалася з установы (2—4 «міністры», ці суддзі, з якіх адзін — П.А.Талстой — лічыўся гал. начальнікам) і ўласна канцылярыі (2—4 канцылярысты і 4—6 падканцылярыстаў і капіістаў). Прыгаворы «міністраў» зацвярджаў цар, часам і сенат. Следства суправаджалася катаваннямі. Т.к. скасавана Кацярынай I (указ ад 8.6.1726), функцыі перайшлі да Праабражэнскага прыказа (1695—1729, таксама орган паліт. вышуку і суда) і Вярхоўнага тайнага савета. У 1731 адноўлена пад назвай Канцылярыя тайных і вышуковых спраў (або проста Т.к.), якую скасаваў Пётр III указам ад 23.2.1762.

Літ.:

Рууд Ч., Степанов С. Фонтанка. 16: Политич. сыск при царях. М., 1993.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)